ПО́ЙМАВЫЯ ЛЯСЫ́,

лясы ў поймах рэк, якія перыядычна затапляюцца ў час веснавога разводдзя і пры разлівах ад дажджоў у летне-асенні перыяд. Склад і структура П.л. вызначаюцца геамарфал. і экалагічнымі ўмовамі розных ч. рачной поймы: працягласцю і вышынёй затаплення, амплітудай вагання і ступенню праточнасці грунтавых вод, саставам алювіяльных адкладаў. У П.л. пашыраны ўстойлівыя да затаплення віды раслін: дуб звычайны, вольха чорная, ясень звычайны, радзей бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вяз гладкі, бераст, некат. віды вербаў, свідзіна крывава-чырвоная, брызгліна еўрапейская, крушына ломкая, парэчкі чорныя, ажыны. На павышаных участках з непрацяглым затапленнем растуць ляшчына і снітка. У далінах старых пойм, дзе адсутнічае затапленне, трапляюцца пазапоймавыя расліны: граб, клён, ліпа, рабіна, маліны, чарніцы, кісліца, арляк. Масівы П.л. пашыраны ў поймах рэк Дняпро, Нёман, Бярэзіна, Пціч, Сож, найлепш захаваліся ў пойме р. Прыпяць і ў нізоўях яе прытокаў. П.л. маюць важнае вода- і глебаахоўнае значэнне.

В.​С.​Гельтман.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)